Міжнароднае супрацоўніцтва

Міжнародная дзейнасць РУП "Белтэлекам" будуецца на прынцыпах партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі міжнароднымі арганізацыямі, аператарамі, кампаніямі, з улікам агульнадзяржаўных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь.

Асноўнай стратэгіяй "Белтэлекам" у пытаннях міжнароднай дзейнасці з’яўляецца забеспячэнне адзінай знешнеэканамічнай палітыкі, здзяйсненне комплексу мерапрыемстваў па арганізацыі і развіцці міжнароднай дзейнасці прадпрыемства, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, а таксама стварэнне спрыяльных умоў для ўкаранення новых тэлекамунікацыйных тэхналогій і паслуг, фарміраванне станоўчага іміджу прадпрыемства.

Міжнароднае супрацоўніцтва "Белтэлекам" ажыццяўляецца па наступных кірунках:

  • супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі сувязі,
  • удзел у міжнародных тэлекамунікацыйных праектах,
  • двухбаковае супрацоўніцтва з замежнымі аператарамі і кампаніямі, якія прадастаўляюць паслугі сувязі, а таксама кампаніямі і фірмамі, якія вырабляюць тэлекамунікацыйнае абсталяванне.


У кастрычніку 2003 года "Белтэлекам" атрымаў сертыфікаты адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці праектавання і прадастаўлення паслуг электрасувязі патрабаванням ІСО 9001–2001 у нацыянальнай сістэме сертыфікацыі Рэспублікі Беларусь і ў нямецкай сістэме TGA. Атрыманне сертыфікатаў з’яўляецца пацвярджэннем высокай якасці паслуг, якія прадастаўляе РУП "Белтэлекам".

"Белтэлекам" актыўна супрацоўнічае з такімі міжнароднымі арганізацыямі, як Міжнародны саюз электрасувязі (МСЭ), Рэгіянальная садружнасць у галіне сувязі (РСС), Еўрапейская нарада па планаванні сеткі (ENPM), Еўрапейская арганізацыя спадарожнікавай сувязі "Еutelsat", Міжнародная арганізацыя спадарожнікавай сувязі "Інтэрспадарожнік" і іншыя.

Пастановай Савета Міністраў № 448 ад 3.04.2003 года "Белтэлекам" прызначаны Удзельнікам МАКС "Інтэрспадарожнік" ад Рэспублікі Беларусь і ўпаўнаважаны падпісаць Эксплуатацыйнае пагадненне. Пагадненне было падпісана 17.07.2003 г. МАКС "Інтэрспадарожнік" — гэта міжнародная міждзяржаўная арганізацыя, у склад якой уваходзяць 24 краіны.

"Белтэлекам" удзельнічае ў міжнародных праектах TEL/TET, TAE і ITUR.

Надаючы вялікае значэнне ўдасканаленню і развіццю галіны сувязі, задавальненню запатрабаванняў у тэлекамунікацыйных паслугах, укараненню навейшых тэхналогій, аб’яднанню інтэлектуальных і вытворчых рэсурсаў, абмену вопытам і інфармацыяй, РУП "Белтэлекам" вядзе актыўнае двухбаковае супрацоўніцтва з вядучымі аператарамі і кампаніямі электрасувязі замежных краін на дагаворнай аснове.

Нацыянальны аператар электрасувязі Рэспублікі Беларусь мае дамоўленасці аб супрацоўніцтве са 170 міжнароднымі кампаніямі, якія дзейнічаюць у сферы тэлекамунікацый розных краін.