У «Белтэлекаме» прайшоў адзіны дзень інфармавання

21 ліпеня 2022 года ў РУП «Белтэлекам» адбыўся адзіны дзень інфармавання на тэму «Ключавыя дасягненні Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе: лічбы і факты». У фармаце відэа- і аўдыёканферэнцыі да мерапрыемства далучыліся ўсе структурныя падраздзяленні.

Перад працоўным калектывам прадпрыемства выступіў Віктар Ярмоленкаў, дацэнт кафедры кіравання эканамічнымі сістэмамі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. На сустрэчы абмяркоўвалася абстаноўка ў Беларусі, унутраная і знешняя палітыка, шматвектарнасць і іншыя актуальныя тэмы.

Таксама ў рамках сустрэчы з дакладам па пытаннях прафілактыкі злачынстваў у галіне інфармацыйных тэхналогій, у тым ліку тэлефоннага і інтэрнет-махлярства, выступіў Уладзімір Кухарчык, намеснік начальніка Цэнтральнага РУУС г. Мінска па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, падпалкоўнік міліцыі. Уладзімір Сяргеевіч расказаў прысутным аб самых папулярных сучасных метадах махлярства і аб тым, як не стаць іх ахвярай. Ён падсумаваў, што асноўны метад барацьбы з падобнымі злачынствамі – гэта прафілактыка!

У гэты ж дзень у рамках адзінага дня інфармавання вытворчасць «Міжнародны цэнтр камутацыі» РУП «Белтэлекам» наведаў Валерый Вараніцкі, кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна г. Мінска.

Сустрэчы прайшлі ў форме адкрытага дыялогу, дзе кожны з прысутных мог задаць пытанні і атрымаць на іх падрабязныя адказы.

Адзіны дзень інфармавання праводзіцца раз на месяц па чацвяргах. Мэта такіх мерапрыемстваў – пашырэнне ведаў насельніцтва аб палітычных і сацыяльна-эканамічных падзеях у краіне, дыскусія па праблемах развіцця сучаснага грамадства, адказы на пытанні рознага характару.


Source URL: https://www.beltelecom.by/news/main/u-beltelekame-prayshou-adziny-dzen-infarmavannya-6