«Белтэлекам» прэзентаваў кнігу аб гісторыі электрасувязі Беларусі
"Белтэлекам" прадставіў кнігу, прысвечаную гісторыі электрасувязі Беларусі. Прэзентацыя выдання прайшла 4 жніўня ў Мінску. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган, першы намеснік Міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч, генеральны дырэктар РУП "Белтэлекам" Юрый Петручэня, кіраўнікі арганізацый сувязі, ветэраны галіны і іншыя ганаровыя госці.
Кніга аб гісторыі электрасувязі Беларусі стала вынікам працы вялікага калектыва. Два гады над ёй працавала каманда гісторыкаў, сувязістаў і журналістаў, якія збіралі ўнікальныя дакументы, факты і ўспаміны відавочцаў.
Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган адзначыў каштоўнасць і важнасць гэтай работы, бо сувязь Беларусі мае багатую гісторыю. Напрыклад, тэлеграфу больш за 160 гадоў, Мінскай гарадской тэлефоннай сетцы - больш за 125 гадоў, і да нядаўняга часу не было маштабных навуковых даследаванняў на гэтую тэму.
Ідэя стварэння кнігі "Гісторыя электрасувязі Беларусі" належыць генеральнаму дырэктару РУП "Белтэлекам" Юрыю Петручэне. Юрый Мікалаевіч падкрэсліў, што храналогія галіны сувязі ўключае не толькі тэхнічны бок, факты, падзеі і дасягненні, гэта яшчэ і летапіс чалавечых лёсаў.
- Спадзяюся, што чытачы даведаюцца шмат новага і цікавага для сябе. Працуючы над кнігай, мы сабралі вялізны аб'ём матэрыялаў, які не ўвайшоў у выданне. Упэўнены, што ў кнізе гісторыі з'явіцца яшчэ не адна яскравая старонка! - дадаў Юрый Петручэня.
Асноўная праца над кнігай "Гісторыя электрасувязі Беларусі" праходзіла
ў Год гістарычнай памяці. У ёй упершыню прадстаўлены неапублікаваныя раней факты, дакументы і фатаграфіі, якія доўгі час захоўваліся ў архівах, музеях і прыватных фотаальбомах. Тут знайшлі адлюстраванне ўспаміны тых, хто быў непасрэдным удзельнікам многіх знакавых для галіны падзей. У працэсе работы былі аблічбаваны і захаваны рукапісныя ўспаміны ветэранаў-сувязістаў, знойдзены аўдыё і відэадакументы. На старонках кнігі з'явіліся таксама цытаты нашых сучаснікаў - сувязістаў, якія прысвяцілі прадпрыемству многія гады і працягваюць працаваць сёння.
Першы экзэмпляр кнігі з аўтографамі аўтара, ветэранаў-сувязістаў і ганаровых гасцей зойме сваё дастойнае месца ў Гісторыка-інфармацыйным цэнтры сувязі.
Падпісвайцеся на наш Тэлеграм-канал і сачыце за абнаўленнямі!