Другая змена ва ўлюбёнай "Крынічцы"

Вось і скончылася другая змена ў лагеры «Крынічка», якая праходзіла пад тэматычнай назвай «Край мой - гонар мой».

У рамках вызначанай тэмы атрады самі выбіралі сабе вобласць Рэспублікі Беларусь, якую яны  прадстаўлялі на працягу ўсёй змены, і назва атрада - у гонар выбітных людзей абранага краю. Так, напрыклад, першы атрад абраў сабе Магілёўскую вобласць, і атрад насіў імя М. Судзілоўскага. Другі атрад імя І. Шамякіна прадстаўляў Гомельскую вобласць. Трэці - імя Ф. Скарыны -узяў Віцебскую вобласць, чацвёрты - імя Ю.Несцярэнкі - абраў Брэст і так усё 10 атрадаў.

Штодня кожны атрад праз радыёрубку вёў вяшчанне на ўвесь лагер аб сваёй вобласці, дзеці расказвалі пра гісторыю краю, аб яго найбуйнейшых прадпрыемствах, знаёмілі з культурнай дзейнасцію рэгіёна.

Па заканчэнні тыдню адпачынку ў лагеры прайшоў канцэрт «Добры дзень, мама, добры дзень тата». Дзеці з вялізным натхненнем рыхтавалi канцэртную праграму, бо галоўны іх глядач і суддзя - бацькі.

У рамках святкавання 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай айчыннай вайне філіял «Мінская гарадская тэлефонная сетка» арганізоўвае ў лагеры розныя мерапрыемствы. Так, падчас другой змены быў праведзены турнір па лазертагу, у якім прынялі ўдзел усе атрады.

Вялікая ўвага ў лагеры надаецца фізічнай культуры і спорту. Пастаянна праводзяцца «Малыя алімпійскія гульні» па розных відах спорту.

Хочацца пажадаць дзіцячаму аздараўленчаму лагеру «Крынічка» выдатных творчых дзяцей, ўдзячных бацькоў, аб'ектыўных правяраючых і выдатных педагогаў!