17 верасня – Дзень народнага адзінства!

Набліжаецца адно з самых маладых і значных святаў – Дзень народнага адзінства! Другі раз гэтая знамянальная дата адзначаецца ў рэспубліканскім маштабе і аб'ядноўвае ўсіх жыхароў нашай краіны.
Генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Юрый Петручэня выказаў упэўненасць, што Дзень народнага адзінства ўвасабляе патрыятызм і грамадзянскую адказнасць беларусаў, павагу да гісторыі, духоўных і маральных каштоўнасцей нашага грамадства. «Мы ганарымся сваёй краінай і толькі разам, у адзінстве зможам прымножыць усе дасягненні старэйшых пакаленняў дзеля будучыні нашых дзяцей і працвітання роднай Беларусі!» – сказаў Юрый Петручэня.
Па ўсёй краіне да Дня народнага адзінства прымеркаваны самыя розныя па фармаце і грамадскім гучанні мерапрыемствы, актыўнымі ўдзельнікамі якіх сталі працоўныя калектывы ўсіх філіялаў «Белтэлекама».
Нашы калегі з Магілёўскага філіяла прынялі ўдзел у Тыдні Адзінства. Адным з першых мерапрыемстваў была дыялогавая пляцоўка «Гісторыя. Народ. Дзяржава», яна адбылася 12 верасня ў галаўным падраздзяленні.

Моладзь філіяла «Мінская гарадская тэлефонная сетка» далучылася да велапрабегу «У адзінстве моладзі – сіла Беларусі». Стартавалі маладыя людзі ля мемарыяла «Памяць» на праспекце Дзяржынскага ў Мінску, дзе спачатку правялі мітынг-рэквіем «Моладзь памятае». Маршрут пралягаў да мемарыяла Мінскае гета.

У горадзе Рагачове Гомельскай вобласці высаджана алея півоняў «Прыгажосць адзінства». Нашы калегі з Гомельскага філіяла падтрымалі ўдзельнікаў акцыі, каб зрабіць родны горад яшчэ больш прыгожым і ўтульным.

Супрацоўнікі Віцебскага філіяла «Белтэлекама» прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы, спікерамі на якой выступілі вядомыя ў краіне гісторыкі.

Калектыў Сенненскага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла «Белтэлекама» стаў удзельнікам мітынгу «Разам мы – Беларусь» з ускладаннем кветак у Алеі Герояў, а ў рамках акцыі «Сімвал адзінства» падтрымаў аўтапрабег.

15 верасня ў «Белтэлекаме» прайшоў адзіны дзень інфармавання, прымеркаваны да Дня народнага адзінства. З дакладам па тэме «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці – аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва» выступіў намеснік дэкана юрыдычнага факультэта, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Калінін. Ён расказаў аб асноўных этапах станаўлення беларускай дзяржаўнасці і ключавых гістарычных падзеях, а таксама нагадаў аб важным здабытку беларускага народа – суверэнітэце і незалежнасці.

У гэты ж дзень у філіяле «Мінская гарадская тэлефонная сетка» была арганізавана дыялогавая пляцоўка па тэме «Шлях Беларусі да нацыянальнай дзяржаўнасці ў ХХ ст. ва ўмовах гістарычных выпрабаванняў і геапалітычных выклікаў» з удзелам старшага выкладчыка гістарычнага факультэта БДУ Назаранка А.М.
Святочныя патрыятычныя акцыі і мерапрыемствы працягваюцца і аб'ядноўваюць сувязістаў і ветэранаў усёй рэспублікі.
17 верасня ў гісторыка-інфармацыйным цэнтры сувязі пройдзе Дзень адчыненых дзвярэй. Запрашаем мінчан і гасцей сталіцы з 10:00 да 14:00 пазнаёміцца з унікальнай экспазіцыяй. Чакаем вас па адрасе: г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 123.
У Дзень народнага адзінства «Белтэлекам» адкрые ажно тры гульнявыя комплексы «ЯСНА» ў розных кутках Беларусі. Новая горка з'явіцца ў гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Адкрыццё воркаут-пляцоўкі «ЯСНА» і Свята нашага двара разам з «ЯСНА» пройдуць і ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці, дзе ў гэтыя выхадныя адбудуцца абласныя «Дажынкі-2022». Новая воркаут-пляцоўка ўстаноўлена таксама ў горадзе Століне Брэсцкай вобласці – нашы калегі арганізуюць тут вясёлае сямейнае мерапрыемства з конкурсамі і сюрпрызамі.
Запрашаем усіх на Свята нашага двара разам з «ЯСНА»!

Дарагія сябры! Прыміце шчырыя віншаванні з Днём народнага адзінства! Моцнага здароўя, выдатнага настрою і поспехаў ва ўсіх справах!