Беларусь заняла другое месца ў еўрапейскім рэйтынгу па ўзроўні пранікнення ВОЛС у 2019 годзе і ўзначаліла ТОП-15 краін у прагнозным аглядзе 2020 года

Рэспубліка Беларусь заняла другое месца ў рэйтынгу еўрапейскіх краін па ўзроўні пранікнення валаконна-аптычных ліній сувязі ў хатніх гаспадарках па стане на верасень 2019 года і стала лідэрам у прагнозным рэйтынгу 2020 года. Пра гэта сведчаць вынікі даследаванняў аб статусе FTTH/B (Fiber-to-the-home/building - оптавалакно да дома/будынка), праведзенага незалежнай кампаніяй Idate для Еўрапейскага савета FTTH (FTTH Council Europe).

Першы аналіз праводзіўся ў 39 краінах. Рэспубліка Беларусь з паказнікам пранікнення FTTH/B 62,8% заняла другі радок рэйтынгу, саступіўшы толькі Ісландыі з паказнікам 65,9%. Замыкае тройку лідэраў Швецыя, дзе ўзровень пранікнення дасягнуў 56,8%. У ТОП-10 таксама ўвайшлі Іспанія (54,3%), Латвія (53,9%), Літва (48,2%), Румынія (45,6%), Партугалія (42,1%), Нарвегія (39,8%), Расія (37,3%). Нашы бліжэйшыя суседзі Украіна і Польшча маюць паказнікі 11,5% і 6,5% адпаведна.

Рэйтынг сведчыць, што ў васьмі еўрапейскіх дзяржавах пранікненне FTTH/B складае менш за 10%: Ірландыя (7,9%), Польшча (6,5%), Італія (4,1%), Харватыя (3,4%), Германія (3,3%), Вялікабрытанія (2,8), Сербія (2,3%), Аўстрыя (1,9%).

У еўрапейскі FTTH-аналіз увайшлі краіны, якія налічваюць больш за 200 тысяч хатніх гаспадарак, у якіх не менш за 1 працэнт карыстаюцца сэрвісамі FTTH/B (за выключэннем Ісландыі, якая не дасягнула адзнакі 200 тыс. хатніх гаспадарак).

Савет FTTH таксама прадставіў прагнозны агляд еўрапейскіх рынкаў FTTH/B да 2020. Гэта абноўленая версія рэйтынгу пасля таго, як CОVID-19 закрануў Еўропу ў другім квартале. Даследаванне праводзілася ў 15 дзяржавах. Згодна з гэтым рэйтынгам, Рэспубліка Беларусь узначаліла ТОП-15 краін па ўзроўні пранікнення FTTH/B у хатніх гаспадарках.

Наша краіна стала лідэрам з паказнікам пранікнення 68,4%. У першай пяцёрцы таксама знаходзяцца Іспанія (62,3%), Швецыя (62,2%), Румынія (50,1%), Партугалія (49,3%). Далей размясціліся Расія (40,7%), Францыя (35,5%), Нідэрланды (25,3%), Казахстан (19,0), Польшча (17,1%), Турцыя (15,4%), Украіна (14,4%). Замыкаюць рэйтынг Італія (7,1%), Вялікабрытанія (4,9%) і Германія (4,8%).

2020 ПРАГНОЗЫ

Крыніца: IDATE для Еўрапейскага савета FTTH

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам» уносіць значны ўклад у дасягненне высокіх пазіцый нашай краіны ў еўрапейскім рэйтынгу. Развіццё сетак FTTH з ужываннем тэхналогіі GPON - гэты стратэгічны кірунак дзейнасці прадпрыемства. Маштабная рэканструкцыя сетак сувязі пачалася ў 2011 годзе. А ўжо ў 2019-м «Белтэлекам» завяршыў будаўніцтва ВОЛС ва ўсёй шматкватэрнай гарадской жылой забудове. У цяперашні час асноўныя намаганні накіраваны на будаўніцтва валаконна-аптычнай размеркавальнай сеткі ў кварталах індывідуальнай забудовы, перш за ўсё ў абласных цэнтрах і гарадах эканамічнага росту з колькасцю больш за 80 тыс. жыхароў з улікам запатрабаванасці ў высакахуткасных паслугах сувязі.

Падыход па оптавалакне маюць усе населеныя пункты з лікам хатніх гаспадарак сто і больш. Валаконна-аптычнымі лініямі сувязі таксама забяспечаны звыш за 56% населеных пунктаў з лікам хатніх гаспадарак ад 50 да 100. Праца ў гэтым кірунку працягваецца.

Перавагі сучаснай сеткі - гэта, у першую чаргу, хуткасць і якасць паслуг. Калі на меднай лініі хуткасць доступу ў Інтэрнэт, як правіла, не перавышала 10 Мбіт/с,  то на оптавалаконай лініі абаненты ўжо цяпер могуць атрымаць да 200 Мбіт/с, а ў перспектыве і больш высокія хуткасці.

Еўрапейскі савет FTTH - галіновая арганізацыя, мэтай якой з'яўляецца забеспячэнне даступнасці звышвысакахуткасных валаконных сетак для спажыўцоў і кампаній. Савет садзейнічае ўкараненню гэтай тэхналогіі, так як яна дазваляе забяспечыць новыя паслугі, якія павышаюць якасць жыцця, спрыяюць паляпшэнню навакольнага асяроддзя і павышэнню эканамічнай канкурэнтаздольнасці рэгіёнаў. У склад Еўрапейскага савета FTTH уваходзяць больш за 150 кампаній.