На тэлеканале «ЯСНАе ТV» стартуе новы дакументальны цыкл, прысвечаны нацысцкім злачынствам на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
За гады акупацыі гітлераўцы правялі звыш 140 карных аперацый, падчас якіх поўнасцю або часткова знішчылі 5454 вёскі. Страшным сімвалам злачынстваў нацыстаў на беларускай зямлі стала вёска Хатынь, спаленая разам з усімі жыхарамі. Яе лёс падзялілі яшчэ 618 сельскіх населеных пунктаў, 188 з якіх ужо ніколі не былі адноўлены. Трагедыі Хатыні прысвечаны першы фільм цыкла.
На тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва.
Сімвалічна, што прэм'ера дакументальнага цыклу адбудзецца 11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашыстычных канцлагераў.
Дакументальны цыкл «Беларусь. Хроніка генацыду» уключае 20 выпускаў, якія будуць выходзіць штотыдзень па пятніцах. Першыя дзве серыі глядзіце ўжо сёння, 11 красавіка, у 21:00 на тэлеканале «ЯСНАе ТV».
Захаваем памяць аб загінуўшых і не дапусцім паўтарэння трагедыі!