4 жніўня ў г. Брэсце стартаваў рэспубліканскі конкурс прафмайстэрства «Магістральныя лініі сувязі. Будаўніцтва і эксплуатацыя ВАЛС-2026». За званне пераможца змагаюцца сем каманд - лепшыя спецыялісты, якія сталі лідарамі абласных этапаў конкурсу.
Удзельнікаў віталі дырэктар Брэсцкага філіяла Алег Цыуля і намеснік старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі Марына Цапікава. Кіраўнікі пажадалі ўсім канкурсантам упэўненасці ў сваіх сілах, падкрэсліўшы, што кожны з іх варты перамогі і ўжо даказаў свой найвышэйшы ўзровень на рэгіянальных спаборніцтвах.
Праграма пачалася з лёсавання, інструктажу па ахове працы і азнаямлення з працоўнай пляцоўкай. Наперадзе - тры насычаныя дні, на працягу якіх удзельнікам трэба будзе пацвердзіць тэарэтычную падрыхтоўку і ўпэўненае валоданне практычнымі навыкамі. У цэнтры ўвагі - тэхналогіі мантажу, вымярэнняў, будаўніцтва і эксплуатацыі валаконна-аптычных ліній сувязі.
Тэхнічныя спецыялісты забяспечваюць бесперабойную работу лічбавых сетак, а значыць - надзейную сувязь для мільёнаў абанентаў кампаніі «Белтэлекам». Конкурс прафмайстэрства - гэта не толькі барацьба за перамогу, але і важная пляцоўка для далейшага росту, абмену вопытам, знаёмства з лепшымі практыкамі. Менавіта тут фармуюцца традыцыі майстэрства і высокія прафесійныя арыенціры.
Жадаем удзельнікам паспяхова справіцца з конкурснымі заданнямі! Імёны пераможцаў стануць вядомы ўжо хутка.
Усе навіны, падрабязнасці і фота з конкурсу - у нашым тэлеграм-канале. Падпішыцеся, каб быць у курсе падзей!