Прамыя трансляцыі Чэмпіянату Беларусі па футболе стартуюць на тэлеканале «ЯСНАе TV»

У Беларусі пачынаецца новы футбольны сезон, і ўжо першыя яго выхадныя будуць максімальна насычанымі для каманд і балельшчыкаў.

13 і 14 сакавіка тэлеканал «ЯСНАе TV» у прамым эфіры пакажа шэсць гульняў 1 тура чэмпіянату Беларусі па футболе.

У суботу, 13 сакавіка, у 14.00 на поле выйдуць «РЦАР-БДУ» і «Смаргонь». У 16.00 стартавы свісток прагучыць для брэсцкага «Руху» і «Гомеля». А ў 20.45 гледачы «ЯСНАе TV» змогуць убачыць гульню «Шахцёра» (Салігорск) супраць «Мінска».

14 сакавіка футбольны эфір адкрые сустрэча рэчыцкага «Спадарожніка» з камандай «Дынама-Брэст». Матч пачнецца ў 15.00. Сваю гатоўнасць да сезону «Нёман» (Гродна) пакажа ў 17.00 у матчы з «Віцебскам». А ўжо ў 19.00 заўзятары змогуць назіраць за гульнёй барысаўскага БАТЭ супраць «Слуцка».

У 31-м Чэмпіянаце Беларусі па футболе бяруць удзел 16 каманд. Турнір складаецца з 30 тураў і працягнецца да 28 лістапада.

Нагадаем, у рамках партнёрскай дамовы паміж «Белтэлекамам» і Асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футбола» прадугледжана, што тэлеканал «ЯСНАе TV» будзе трансляваць не менш за 5 матчаў кожнага тура нацыянальнага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе новага сезона. Таксама тэлегледачы змогуць убачыць матчы маладзёжнай зборнай Беларусі і ключавыя паядынкі Першай лігі.

Сачыце за раскладам трансляцый, каб не прапусціць гульню любімай каманды!