Віншуем з Днём маці!

14 кастрычніка адзначаецца Дзень маці. У нашай краіне яго ўпершыню святкавалі ў 1996 годзе. І вось ужо 25-ы раз у гэты дзень мы адрасуем шчырыя словы ўдзячнасці самым блізкім і дарагім людзям - нашым мамам.

Менавіта мама дапамагае нам зрабіць першыя крокі, дорыць сваё цяпло і клопат, падтрымлівае ва ўсіх планах, радуецца нашым поспехам. У сучасным свеце многія жанчыны паспяхова сумяшчаюць кар'еру і выхаванне дзяцей. Рэалізуючы сябе ў прафесіі, яны застаюцца захавальніцамі сямейнага ачага і дамашняй утульнасці.

У «Белтэлекаме» вялікая ўвага надаецца ўсебаковай падтрымцы працуючых жанчын і шматдзетных сем'яў. Сёння на прадпрыемстве 505 шматдзетных сем'яў, у 20 з іх выхоўваюцца 5 і больш дзяцей. Радуе, што з кожным годам такіх сем'яў становіцца больш!

Па добрай традыцыі Старшыня Савета па рабоце сярод жанчын Таццяна Даньшына і старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Алена Антульская віншуюць шматдзетных мам са святам, робяць сюрпрызы і падарункі дзецям.

Штогод першасная прафсаюзная арганізацыя РУП «Белтэлекам» падтрымлівае рэспубліканскую акцыю «Павіншуем маму разам». І ў гэтым годзе кожны супрацоўнік змог адправіць паштоўку са шчырымі словамі самому дарагому чалавеку на свеце.

Дзень маці - гэта светлае і душэўнае свята, якое дорыць яшчэ адну магчымасць выказаць удзячнасць нашым мамам за клопат, увагу, цеплыню і любоў і, безумоўна, пажадаць моцнага здароўя, выдатнага настрою і бязмежнага шчасця.